ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АРЦЕ́ЛЬ МАСТАКО́Ў,
расійскае маст. аб’яднанне, якое існавала з 1863 да пач. 1870-х г. Засн. жывапісцамі — выпускнікамі Пецярбургскай АМ, якія выйшлі з яе, адмовіўшыся пісаць конкурсную карціну на зададзеную акад. тэму (т.зв. бунт чатырнаццаці). П.а.м. садзейнічала адыходу ад кансерватызму акад. мастацтва, якое навязвала мастакам нормы класіцызму, стала пачаткам станаўлення прынцыпаў дэмакр. рэалізму, адлюстравання жыцця ва ўсіх яго праявах. У П.а.м., арганізаваную як быт. камуна, уваходзілі І.Крамской (кіраўнік), Ф.Жураўлёў, А.Карзухін, К.Лемах, К.Макоўскі, А.Марозаў і інш. Акрамя ўласна творчай дзейнасці займаліся арганізацыяй выставак, прапагандай рус. мастацтва, выконвалі заказы на афармленчыя і інш. работы, выдавалі ілюстраваны каталог «Мастацкі аўтограф» (вып. 1—2, 1870—71). Пасля распаду арцелі шэраг яе членаў прымкнуў да перасоўнікаў.
т. 12, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)